ВІ́ЦЕБСКАЕ РЭА́ЛЬНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА.
Існавала ў 1910—18 у Віцебску. Засн. паводле завяшчання мсціслаўскага ваяводы І.Гільзена (памёр у 1786), нашчадкі якога сродкі ад атрыманых прыбыткаў павінны былі накіроўваць на «пашырэнне навук і выхаванне беднага высакароднага юнацтва». Паколькі ўмовы завяшчання не выконваліся, мін-ва нар. асветы і Віцебская мужчынская гімназія ў 1907 праз суд спагналі 200 тыс. руб., палавіна гэтых сродкаў была накіравана на адкрыццё вучылішча. Былі набраны хлопчыкі ў падрыхтоўчы і 2 першыя класы. Старэйшыя класы адкрываліся паступова (па аднаму штогод). Поўны склад навучэнцаў набраны ў 1916 (93 чал.). Тэрмін навучання 7 гадоў. Дырэктар вучылішча В.К.Краснянскі. Выкладаліся: матэматыка, фізіка, прыродазнаўства, чарчэнне, маляванне, ням. і франц. мовы, механіка, тэхналогія, камерцыя. У 1917 адбыўся адзіны выпуск (72 чал.).
С.В.Сяліцкі.
т. 4, с. 215
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)